Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Чорна-белая фатаграфія маленькай дзяўчынкі ў слязах, увесь твар якой пакрыты язвамі, абляцела свет. На здымку Маўра Галігані была Стэфанія Сена з італьянскага мястэчка Севеза ў Ламбардыі. 50 гадоў таму, 10 ліпеня 1976-га, там адбылася хімічная аварыя, якую называюць найгоршай экалагічнай катастрофай у гісторыі краіны і «італьянскім Чарнобылем». Стэфанія, якая пакутавала на хлоракнэ, была адной з многіх. Амаль праз 30 гадоў, калі журналісты ледзь угаварылі яе на інтэрв'ю, увесь твар жанчыны быў у грудкаватых шнарах, і аказалася, што яна ўсё яшчэ чакае поўнай кампенсацыі ад кампаніі, якая знішчыла яе дзяцінства. Расказваем пра найбуйнейшую дыяксінавую аварыю ХХ стагоддзя, якая, як і большасць прамысловых катастроф, стала вынікам некампетэнтнасці, сквапнасці і халатнасці, але — як ні дзіўна — дала і пазітыўныя наступствы.

Стефания Сенно после аварии, снимок Мауро Галлигани. Фото: tvsvizzera.it
Стэфанія Сена пасля аварыі, здымак Маўра Галігані. Фота: tvsvizzera.it

Эканоміка сёння, экалогія потым

Севеза — гэта мястэчка з насельніцтвам каля 20 тыс. чалавек за 20 кіламетраў на поўнач ад цэнтра Мілана. Мясцовасць там густанаселеная, гарады перацякаюць адзін у адзін без якіх-кольвек прамежкаў. Адразу пасля вайны, калі ў суседняй Медзе, на мяжы з Севеза, пабудавалі хімічны завод ICMESA, вакол была ў асноўным вясковая мясцовасць, побач толькі чыгунка і траса — зручнае месца для прадпрыемства. Але за тры дзесяцігоддзі бурнага пасляваеннага росту Італіі (а Ламбардыя — самы прамыслова развіты яе рэгіён) вакол, амаль ушчыльную да плота, з’явілася мноства жылых дамоў, дзіцячы садок, школа.

Церковь в центре Севезо, 2010 год. Фото: commons.wikimedia.org
Царква ў цэнтры Севеза, 2010 год. Фота: commons.wikimedia.org

У 1965-м завод ICMESA купіла швейцарская кампанія Givaudan, «дачка» фармацэўтычнага гіганта Hoffmann-La Roche. Завод пачаў вырабляць прэкурсоры для прадукцыі La Roche — касметыкі і парфумаў, бытавой хіміі, лекаў. А ў 1969-м адзін з цэхаў, дзе раней рабілі араматызатар ванілін, пераводзяць на вытворчасць трыхлорфенолу — прамежкавага прадукту для антысептыку гексахларафену.

Вось толькі рэчыва гэтае было таксічным, а размяшчаць шкодныя вытворчасці пасярод жылой забудовы ў Медзе было забаронена. Кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла папросту не паведамляць уладам пра пераабсталяванне, сертыфікацыі вытворчасць таксама не праходзіла. Адным словам, яна была незаконнай. Зрэшты, у той час у Італіі дзеля аднаўлення эканомікі на экалогію глядзелі скрозь пальцы. Жыхары раёнаў вакол ICMESA даўно прывыклі да дзіўных пахаў ад завода, дробныя ўцечкі хімічных рэчываў нікога не здзіўлялі. У 1974-м тэхнічнага дырэктара ICMESA Хервіга фон Цвеля абвінавацілі ў забруджанні вады сцёкамі з завода, але апраўдалі. Словам, нічога не перашкаджала прадпрыемству нарошчваць вытворчасць, і да 1976-га выпуск трыхлорфенолу вырас больш чым у 20 разоў: з 6 да 142 тон.

Усё гэта стала вядома публіцы толькі цяпер, праз 50 гадоў, калі журналісты-расследавальнікі вывучылі архівы паліцыі і профільнай парламенцкай камісіі. А тады гэтая частка гісторыі прайшла і міма грамадства, і міма суда.

У завода ICMESA. Фото: facebook.com/Cameradeideputati
Ля завода ICMESA. Фота: facebook.com/Cameradeideputati

Выходныя — святое

9 ліпеня 1976-га працоўныя пачалі пяты за тыдзень цыкл вытворчасці трыхлорфенолу. Ён быў даволі доўгім: кампаненты загружаюцца ў бак аб’ёмам 10 000 літраў, праходзіць рэакцыя, потым — дыстыляцыя, потым — гашэнне кіслатой і даданне вады, каб канчаткова спыніць рэакцыю, усё гэта пры астуджэнні і мяшанні масы. У нейкі момант, каб атрымліваць больш прадукту, да чатырох цыклаў, якія паспявалі правесці за тыдзень, дадалі пяты: яго пачыналі ў пятніцу, на выходныя ставілі на паўзу, пагасіўшы рэакцыю, а ў панядзелак завяршалі. Так было і ў тыя злапомныя ліпеньскія дні: у суботу пад раніцу начная змена спыніла рэактар, і ў 06.00 усе пайшлі на законныя выходныя. На заводзе засталіся толькі ахова і дзяжурная рамонтная брыгада.

Вось толькі, як высветліцца потым, працэс быў перапынены ў няўдалы момант, быў парушаны парадак дзеянняў, і ў выніку рэакцыя ў баку спынілася не цалкам. А масу пакінулі без астуджэння і мяшання, і яе больш нічога не стрымлівала. Праблема ў тым, што пры гэтай рэакцыі вылучаецца цяпло, і таму маса ўсё больш разагравала сама сябе. А калі перагрэлася — паводле розных звестак, тэмпература дасягала 250–500°С, — рэакцыя пайшла іншым шляхам.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Ачыстка тэрыторыі завода пасля катастрофы, 1976 год. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

У 12.37 рабочы-рамонтнік у суседнім цэху пачуў рэзкі свіст пары: ціскам знутры рэактара сарвала ахоўны клапан. Выбегшы, ён убачыў, як з трубы «ванільнага» цэха вырываецца воблака дыму дзіўнага колеру. Рабочы патэлефанаваў начальству, надзеў рэспіратар, увайшоў унутр і ўключыў астуджэнне. Але было ўжо позна: воблака — а выкід, паводле розных крыніц, доўжыўся ад 20 хвілін да гадзіны — паляцела з ветрам на паўднёвы ўсход і накрыла 1810 гектараў: больш за ўсё дасталася Севеза, але закранула таксама Меду, Дэзіа, Чэзана-Мадэрна і некалькі суседніх мястэчак.

Нябачны яд

У гэтым воблаку быў дыяксін — адно з самых таксічных рэчываў, створаных чалавекам. Дакладней, гэта спрошчаная назва групы рэчываў, з якіх самае таксічнае — 2,3,7,8-тэтрахларадыбенза-п-дыяксін, ТХДД. І менавіта яго выкінула ў паветра Севеза.

Гэта надзвычай устойлівае злучэнне — яно амаль не раскладаецца, гадамі назапашваецца ў глебе і тлушчавых тканках жывых арганізмаў, падымаючыся па харчовым ланцугу ад травы да жывёл і далей да чалавека. У лабараторных доследах на некаторых відах жывёл дыяксін здаваўся смяротным у літаральна мікраскапічных дозах.

Рэчыва ніхто не вырабляе спецыяльна — у яго няма камерцыйнага прымянення, гэта выключна пабочны прадукт: узнікае падчас перагрэву ў працэсах накшталт таго, што ішоў на ICMESA. Вось толькі рабочыя завода былі не ў курсе такой небяспекі. А кіраўніцтва, асабліва ў Givaudan і Roche, дзе прымаліся ўсе істотныя рашэнні, абсалютна дакладна ведала пра гэта.

У сярэдзіне 1970-х практычна на ўсіх прадпрыемствах у свеце, дзе выраблялі трыхлорфенол, здарыліся аварыі з выкідам дыяксіну. Яго ўздзеянне зазнавалі, праўда, у асноўным рабочыя, але гэта выклікала ў іх апёкі і хлоракнэ (паражэнне скуры, якое ўзнікае пасля кантакту з хлараванымі вуглевадародамі, выяўляецца ў выглядзе множных чорных камедонаў, кістаў, пустул і нагадвае цяжкую форму акнэ. Менавіта з гэтым сутыкнуўся ў 2000-х прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, атручаны дыяксінам). Так было на заводах Monsanto (ЗША, 1949), BASF (Германія, 1953), Dow Chemical (ЗША, 1960), Phillips Duphar (Нідэрланды, 1963) і Coalite (Вялікабрытанія, 1968).

Акрамя таго, гербіцыд «Агент оранж», якім амерыканцы палівалі джунглі В’етнама падчас вайны, — а ён таксама вырабляўся з трыхлорфенолу і нярэдка быў забруджаны дыяксінам, — таксама выклікаў у насельніцтва В’етнама і нават амерыканскіх вайскоўцаў праблемы са здароўем. Пра ўсё гэта хімікі ў кіраўніцтве Givaudan і Hoffmann-La Roche дакладна ведалі з прафесійнай літаратуры. Пра аварыю на ICMESA ім стала вядома ўжо праз суткі. Тым не менш упершыню слова «дыяксін» публічна прагучыць ад іх не раней чым праз тыдзень.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Севеза пасля катастрофы, 1976 год. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

Дні маўчання

Жыхары ваколіц завода спачатку нічога не западозрылі, бо даўно прывыклі да рэзкіх пахаў прамзоны. Але ў наступныя дні пачалі з’яўляцца першыя сімптомы: млоснасць, рэзь у вачах, раздражненне скуры, апёкі на твары, руках, нагах у тых, хто быў на дварэ ў момант выкіду, асабліва ў дзяцей. Па ўсім раёне скардзіліся на галаўны боль, галавакружэнне і дыярэю. 11 ліпеня прадстаўнікі завода пачалі абыходзіць мясцовасць і папярэджваць жыхароў, каб не елі і нават не чапалі нічога са сваіх садоў і агародаў.

На трэці-чацвёрты дзень вакол фабрыкі пажоўкла і памерла ўся расліннасць. А потым і дробныя жывёлы: птушкі, трусы, каты, куры — іх налічаць каля 3300 за тыя дні, смяротнасць жывёл вакол завода была 100-працэнтнай. Адзін з рабочых ICMESA — а прадпрыемства працягвала працаваць як нічога ніякага — пазней расказваў The New York Times, як ім толькі праз пяць дзён пасля аварыі сказалі прымаць душ перад сыходам з завода — а яны тады ўжо на свае вочы бачылі абгарэлыя дрэвы, дзяцей у апёках, мёртвых птушак і трусоў.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Севеза пасля катастрофы, 1976 год. Пажоўклая расліннасць. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it
Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Севеза пасля катастрофы, 1976 год. Памерлы трус. Загінулых дробных жывёл збіралі ў смеццевыя мяшкі. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

У наступныя месяцы ўсё быдла ў раёне забруджання — каля 80 000 галоваў — было забітае, а тушы ўтылізаваныя: гэта было неабходна, каб дыяксін не пракраўся ў харчовы ланцуг.

Кіраўнікі ICMESA, Givaudan і Hoffmann-La Roche тым часам збіралі ўзоры глебы для аналізу, раіліся, што ж рабіць, шукалі гарадскога санітарнага доктара Джузэпэ Геці, які быў у адпачынку, казалі мясцовым уладам пра «невытлумачальную хімічную рэакцыю». Ужо 14 ліпеня яны знайшлі ў аналізах дыяксін. На наступны дзень заводскі доктар Эрнэста Бергамаскіні агледзеў рабочых і навакольных жыхароў. Цягам яшчэ некалькіх дзён 19 дзяцей шпіталізавалі з дыягназам «таксічны дэрматоз», чацвярых — у цяжкім стане.

15 ліпеня мэры Севеза і Меды нарэшце абвясцілі квартал каля завода заражанай зонай. 16 ліпеня намеснік начальніка вытворчасці ICMESA Клементэ Барні і заводскі доктар зноў хадзілі па дамах і цяпер наўпрост угаворвалі людзей з’ехаць, але пагадзіліся толькі дзве сям'і.

Ребенок с повреждениями кожи по всему телу после аварии в Севезо, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Дзіця з пашкоджаннямі скуры па ўсім целе пасля аварыі ў Севеза, 1976 год. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

17 ліпеня прадстаўнік Givaudan перадаў бальніцам, дзе лячылі пацярпелых, інфармацыю пра таксічнасць дыяксіну, і ўвечары кампанія нарэшце паведаміла ўладам, што менавіта гэтае небяспечнае рэчыва было ў выкідзе. Назаўтра завод закрылі. Хутка Паола Паалеці, дырэктар вытворчасці ICMESA, і тэхнічны дырэктар Хервіг фон Цвель былі арыштаваныя.

Таўро зоны

Аднак нават калі ўлады даведаліся пра звыштаксічны дыяксін, яны не спяшаліся з мерамі — чакалі аналізаў, каб зразумець, наколькі высокія канцэнтрацыі. Людзям спачатку толькі забаранілі дакранацца да зямлі, есці прадукцыю са сваіх агародаў. У Roche ўжо звязаліся з іншымі кампаніямі, якія перажылі выкіды дыяксіну, і ў выніку рэкамендавалі ўладам эвакуяваць насельніцтва. Але пераканаць іх удалося толькі 24 ліпеня.

Тэрыторыю падзялілі на тры зоны адпаведна змяншэнню забруджання: у зоне A з 736 жыхарамі канцэнтрацыя дыяксіну на глебе была вельмі высокай, у зоне B (каля 4700 жыхароў) — меншай, у зоне R забруджанне назіралася толькі месцамі і было невялікім. Агулам пад уздзеянне выкіду трапіла каля 37 тысяч чалавек. Усіх жыхароў зоны А (яе абнеслі калючым дротам) эвакуявалі з 26 ліпеня да 2 жніўня, загадаўшы ім не браць з сабой нічога, акрамя мінімуму рэчаў, якія ў момант аварыі не знаходзіліся на дварэ. Кідаць даводзілася і жывёл. У астатніх зонах забаранілі апрацоўваць зямлю, у дадатак у зоне B дзяцей і цяжарных на ўвесь дзень адвозілі ў дзіцячыя садкі і лагеры ў чыстай мясцовасці, вяртаючы толькі ўвечары, каб мінімізаваць кантакт з заражанай зямлёй.

Зоны загрязнения в Севезо и окрестностях. Графика: Epidemiologia & Prevenzione (epiprev.it)
Зоны забруджання ў Севеза і ваколіцах. Графіка: Epidemiologia & Prevenzione (epiprev.it)

З цяжарнымі выйшла асобная старонка гэтай гісторыі. Медыкі і хімікі не ведалі, як менавіта дыяксін паўплывае на плод ва ўлонні, бо даследаванняў і падобных выпадкаў уздзеяння на вялікую колькасць людзей яшчэ не было. Але ў жывёл рэчыва выклікала мноства адхіленняў у развіцці плода. Аборты ў каталіцкай Італіі тады былі забароненыя. Скончылася тым, што ўжо ў жніўні ўлады прынялі рашэнне: цяжарныя ў заражанай зоне маюць права зрабіць аборт. Частка грамадства гэта падтрымала, частка была горача супраць. Каталіцкая актывістка, чыё дзіця нарадзілася ў 1977 годзе і стала адным з першых «дзяцей дыяксіну», успамінала групы феміністак, што прыязджалі ў Севеза з плакатамі, сутнасць якіх зводзілася да «альбо аборт, альбо вы народзіце монстра». На шчасце, наступныя гады паказалі, што сярод насельніцтва не было росту выпадкаў нараджэння дзяцей з парушэннямі развіцця.

Жыхары Севеза нечакана для сябе атрымалі таўро, нібы былі носьбітамі чумы. Іх дзяцей не прымалі ў летнія лагеры, а гатэлі адказвалі: «Месцаў няма», ледзь даведаўшыся, адкуль прыехаў госць. Мясцовую мэблю, адпраўленую за мяжу, вярталі як зробленую «ў зоне дыяксіну», тое самае з іншымі таварамі. Эканоміка раёна стала: адразу спынілася праца 61 фермы, закрыліся дзясяткі майстэрняў і крамаў.

Ачыстка тэрыторыі доўжылася яшчэ некалькі гадоў.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Севеза пасля катастрофы, ачыстка тэрыторыі. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

Першыя месяцы пасля аварыі ў лічбах:

  • 736 чалавек (204 сям'і) былі эвакуяваныя, дамы 41 сям'і знесеныя. Жыхары пачнуць вяртацца толькі ў кастрычніку 1977 года, але каля 200 так і не зробяць гэтага.
  • За лета 1976 года 1600 чалавек былі агледжаныя ў амбулаторыі Севеза, у 447 з іх былі вострыя пашкоджанні скуры. Усяго па меддапамогу звярнулася каля 5000 чалавек.
  • За чатыры месяцы ў забруджанай зоне зарэгістравалі 183 роды, 51 выкідак і 28 абортаў; да вясны 1977-га іх колькасць вырасла да 42.
  • Зафіксавалі 193 выпадкі хлоракнэ да лютага 1978 года — у зоне A на яго хварэла прыкладна кожнае пятае дзіця, у самым брудным яе ўчастку — амаль палова.
  • 3300 жывёл загінулі адразу, яшчэ каля 80 тысяч забілі да 1978 года.

Зніклыя бочкі

У 1982 годзе самыя забруджаныя адходы — рэшткі змесціва рэактара завода — спакавалі ў 41 свінцовы кантэйнер, як тыя, што для ядзерных адходаў. Падрадчык, кампанія Mannesmann Italiana, абавязалася іх утылізаваць паводле самых строгіх нормаў, але паставіла ўмову: Givaudan не мусіць ведаць месца пахавання. 9 верасня бочкі пакінулі Італію. Здавалася, усё скончылася. Але ў лютым 1983-га швейцарскае тэлебачанне, прасачыўшы маршрут грузу да французскага Сэн-Кантэна, страціла далейшы след.

Выбухнуў агульнаеўрапейскі скандал. Улады некалькіх краін шукалі кантэйнеры з адным з самых таксічных рэчываў на планеце, а Hoffmann-La Roche адкарасквалася ўніклівымі адказамі. Еўрапейцы нават пачалі байкатаваць яе прадукцыю. Бочкі знайшліся толькі 19 траўня — на закінутай бойні на поўначы Францыі, дзе іх пакінулі субпадрадчыкі, якім Mannesmann Italiana насуперак дамове перадаручыла ўтылізацыю. Hoffmann-La Roche забрала адходы да сябе, і пасля доўгай падрыхтоўкі іх спалілі ў 1985-м пад наглядам уладаў.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Знойдзеныя ў Францыі бочкі з адходамі. Выразка з газеты. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

Пакаранне без віны і віна без пакарання

Парламенцкая камісія, створаная праз год пасля аварыі для расследавання надзвычайнага здарэння, у справаздачы 1978-га раскрытыкавала не толькі завод, але і мясцовыя і рэгіянальныя ўлады. Крымінальны працэс пачаўся толькі ў 1983 годзе. Пяцярых былых кіраўнікоў ICMESA і Givaudan прызналі вінаватымі па артыкулах «Ненаўмыснае бедства па неасцярожнасці» і «Наўмыснае невыкананне мер бяспекі»: Хервіга фон Цвеля і Ёрга Самбета асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі, трох іх калег — на меншыя тэрміны. Але ў 1985-м апеляцыя апраўдала апошніх «праз недаказанасць», а ў 1986-м Вярхоўны суд пацвердзіў прысуд Цвелю і Самбету, знізіўшы тэрміны да 1,5–2 гадоў. Самбет праз гады прызнаўся нямецкаму журналісту: «Мы былі абсалютна дурныя… Аварыя ў Севеза — прыклад глупства менеджменту, у тым ліку майго».

Грамадскі гнеў тым часам скіраваўся не туды, куды трэба было. У траўні 1977-га ў Мілане пяццю стрэламі ў ногі паранілі санітарнага доктара Геці, хоць той у свой час пацвердзіў дыяксін, а не хаваў яго; тыя, хто страляў, заявілі, што помсцяць за «ўтойванне памылак ICMESA». Замінавалі і офіс Roche у Мілане, а праз год, у гадавіну аварыі, падарвалі дом інжынера Givaudan Рудольфа Рупа. У лютым 1980-га трыма стрэламі забілі дырэктара па вытворчасці ICMESA Паола Паалеці — адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка Prima Linea.

Очистка территории после аварии в Севезо. Фото: Epidemiologia & Prevenzione (epiprev.it)
Ачыстка тэрыторыі пасля аварыі ў Севеза. Фота: Epidemiologia & Prevenzione (epiprev.it)

Яшчэ 11 жніўня 1976-га кіраўніцтва Roche на прэс-канферэнцыі ў Базелі паабяцала цалкам кампенсаваць шкоду. Але кампенсацыі расцягнуліся на дзесяцігоддзі. У 1980 годзе дзяржава і рэгіён атрымалі ад Givaudan 103,6 мільярда лір — сёння гэта было б каля 328 мільёнаў еўра. Больш за 7000 прыватных пазоваў кампанія ўрэгулявала добраахвотна, выплаціўшы 200 з лішнім мільярдаў лір. Але ні разу не прызнала сваёй адказнасці. У 1997-м Givaudan абскардзіла ўжо выплачаную кампенсацыю 25 сем’ям дзяцей, у якіх было хлоракнэ, і выйграла: большасці давялося вярнуць грошы.

Навуковыя адкрыцці

Ужо ў першыя тыдні пасля аварыі малады галоўны доктар бальніцы Дэзіа Паола Макарэлі пачаў збіраць кроў у тысяч жыхароў — «на будучыню». У 1976 годзе ні адна лабараторыя свету не магла вымераць такія малыя колькасці дыяксіну, якія можна было знайсці ў пробе крыві. «Я сказаў сабе: „Рана ці позна гэта стане магчымым“, — і вырашыў захаваць узоры», — расказваў Макарэлі. Трыццаць тысяч пробаў замарозілі ў чаканні новых тэхналогій.

Дачакаліся ў сярэдзіне 1990-х, калі амерыканскі Цэнтр па кантролі захворванняў увёў новыя спосабы мас-спектраметрыі, і вымераць колькасці дыяксіну ў пробах стала магчыма. Тады пачалося Seveso Women’s Health Study — адно з найбуйнейшых у свеце даследаванняў уздзеяння дыяксіну на арганізм чалавека: 981 жанчыну, чыю кроў узялі ў першыя тыдні пасля аварыі, назіралі дзесяцігоддзямі, а потым і іх дзяцей. Роскід канцэнтрацый у архіўных узорах аказаўся велізарным: калі фонавы ўзровень дыяксіну ў крыві міланцаў тых гадоў складаў 15–20 частак на трыльён, то ў некаторых жыхарак Севеза — 56 тысяч частак.

Стефания Сенно во взрослом возрасте, со шрамами от хлоракне. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Стэфанія Сена ў дарослым узросце, са шнарамі ад хлоракнэ. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

Высновы аказаліся не такімі адназначнымі, як баяліся спачатку. Выявілася, што людзі ўстойлівейшыя да дыяксіну, чым марскія свінкі. Агульная смяротнасць і захворвальнасць на рак па ўсіх заражаных зонах за 40 з лішнім гадоў статыстычна не выраслі. Але прыкладна ў 900 жанчын, для якіх дакладна вымералі ўзровень дыяксіну ў крыві, кожнае дзесяціразовае павелічэнне яго канцэнтрацыі падвойвала рызыку раку малочнай залозы. У першыя 30 гадоў пасля аварыі ў зонах A і B зафіксавалі прыкметнае перавышэнне колькасці некаторых відаў раку, у прыватнасці, лімфом, лейкозаў. Таксама ў пэўны перыяд было больш, чым звычайна, смерцяў ад дыябету.

У нованароджаных, чые маці зазналі ўздзеянне падчас цяжарнасці, выявілі парушэнне функцыі шчытападобнай залозы — павышаны ўзровень гармону ТТГ фіксаваўся ўжо ў першыя 72 гадзіны жыцця. А ў мужчын, якія ў момант аварыі былі дзецьмі ці падлеткамі, — зніжаную канцэнтрацыю і рухомасць сперматазоідаў: гэта пераканаўча даказала, што ўздзеянне таксіну ў дзяцінстве здольнае незваротна змяніць рэпрадуктыўную функцыю ўжо дарослага чалавека.

Але самым нечаканым і самым цытаваным аказалася іншае адкрыццё Макарэлі, апублікаванае ў The Lancet, — не пра саміх пацярпелых, а пра іх будучых дзяцей. Сярод нашчадкаў мужчын, якія зазналі ўздзеянне дыяксіну ва ўзросце да 19 гадоў, доля хлопчыкаў упала да 38% супраць звычайных 51%. Выснова, апублікаваная ў The Lancet, стала адным з першых у сусветнай навуцы доказаў таго, што хімічнае забруджанне здольнае мяняць самі суадносіны полаў у нашчадкаў чалавека — прытым што механізм гэтага эфекту да канца не разгаданы дагэтуль. Ясна толькі, што дыяксін моцна ўздзейнічае на гарманальную сістэму чалавека.

Севезо после катастрофы, 1976 год. Скриншот видео: RSI / tvsvizzera.it
Севеза пасля катастрофы, 1976 год. Забор крыві ў жыхаркі. Скрыншот: відэа RSI/tvsvizzera.it

Новыя законы і Дубовы лес

Галоўная праблема, якую ўскрыла катастрофа ў Севеза, была не толькі хімічнай, але і кіраўніцкай: улады проста не ведалі, што завод дзесяцігоддзямі ўяўляў небяспеку. Ніякай сістэмы ацэнкі такой рызыкі ад вытворчасцяў у Еўропе тады не існавала. Менавіта гэта і мусіла выправіць прынятая ў Еўрасаюзе ў чэрвені 1982 года «Дырэктыва Севеза». Яна была закліканая абараніць і прадпрыемствы, і людзей, што жывуць побач, і абавязала хімічныя кампаніі загадзя рыхтавацца да аварый і інфармаваць суседзяў пра рызыку. Пазней дырэктыву двойчы абнаўлялі — «Севеза II», потым «Севеза III», — і сёння яе дзеянню падлягае каля 8000 прадпрыемстваў Еўрасаюза.

У скандалу з бочкамі таксама быў працяг у выглядзе новых законаў. Хваля абурэння, якую ён выклікаў па ўсёй Еўропе, падштурхнула інстытуцыі ЕС да жорсткага кантролю транспамежнай перавозкі небяспечных адходаў. У выніку была прынятая Базельская канвенцыя 1989 года — найважнейшая міжнародная дамова на гэтую тэму.

Завод ICMESA так ніколі і не адкрыўся нанова, а пазней быў знесены. Заражаную зямлю, абломкі дамоў, тушы жывёлы пахавалі ў двух гіганцкіх катлаванах на сотні тысяч кубаметраў. А зверху насыпалі чыстай зямлі і на ўсёй тэрыторыі былой зоны А разбілі парк Bosco delle Querce — «Дубовы лес». Сёння сюды прыходзяць гуляць сем'і з вазкамі, і мала хто задумваецца, што пад травой — саркафагі з бетону і пластыку з таксічнымі адходамі.

Природный парк “Дубовый лес” на месте зоны А. Под землей находятся два огромных резервуара с загрязненными материалами. Фото: Google Maps
Прыродны парк «Дубовы лес» на месцы зоны А. Пад зямлёй знаходзяцца два велізарныя рэзервуары з забруджанымі матэрыяламі. Фота: Google Maps

Дыяксін, аднак, перажыў і завод, і парк. Цяпер у гэтых месцах разгарнулася будаўніцтва шашы ад Мілана на поўнач да гор, проста праз былыя заражаныя землі. Пробы грунту паказалі, што дыяксін нікуды не знік. А мэр горада Алесія Бароні, якая жыла там і ў двухгадовым узросце падчас аварыі, адзначае, што і сёння нерухомасць у Севеза таннейшая, чым у суседніх гарадах.

Чытайце таксама