Усяго за некалькі дзён пра спыненне свайго існавання абвясцілі адразу тры беларускія брэнды адзення і аксэсуараў з нацыянальнымі матывамі. Усе яны паведамілі пра закрыццё ў сваіх сацсетках, не ўдакладніўшы канкрэтных прычын. 14 ліпеня праваабаронцы расказалі пра затрыманне аднаго з уладальнікаў. «Люстэрка» пагаварыла з крыніцай з культурнай сферы, якая на ўмовах ананімнасці растлумачыла, што адбываецца з беларускім нацыянальна арыентаваным бізнесам.
Нагадаем, 10 ліпеня стала вядома пра закрыццё этнакрамы Ragna, якая працавала з 2013 года, і брэнда адзення HONAR, заснаванага ў тым самым годзе. 13 ліпеня пра спыненне працы абвясціў і папулярны стрытвір-брэнд LSTR Adzieńnie, створаны ў 2011-м.
14 ліпеня «Вясна» паведаміла, што ўладальнік аднаго з брэндаў, якія нядаўна абвясцілі пра закрыццё, быў затрыманы сілавікамі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго дапыталі з нагоды сацсетак і кантактаў. «Пасля патрабавання закрыць бізнес яго адпусцілі», — сцвярджае «Вясна».
«Люстэрка» пагаварыла з крыніцай з культурнай сферы, якая знаёмая з сітуацыяй, але папрасіла не называць імені з меркаванняў бяспекі. На думку суразмоўцы, штуршком для ціску на брэнды магло стаць іх нядаўняе абмеркаванне ў адной з сацсетак.
— Нехта спытаў, дзе можна купіць нацыянальную сімволіку. У сацсетках накідалі спіс крамаў — Ragna, LSTR, HONAR. За гэта і зачапіліся, — лічыць суразмоўца.
Суразмоўца «Люстэрка» мяркуе, што для кожнага з брэндаў маглі стварыць невыносныя ўмовы працы, выкарыстоўваючы фармальныя падставы.
— Гэта падобна да мэтаскіраванай зачысткі, але да кожнага можа быць свой падыход: у плане арэнды, выканання нейкіх тэхнічных патрабаванняў да прадукцыі. Праверка заўсёды за нешта можа зачапіцца, на тое яна і праверка. Калі трэба кагосьці закрыць, у Беларусі гэта не праблема — любы бізнес, нават калі ён на 100% выконвае ўсе патрабаванні, можа нават не падазраваць пра магчымае парушэнне. Быў бы загад ці канкрэтная палітычная, а ў нашай сітуацыі — ідэалагічная воля, а прычына знойдзецца, — кажа крыніца.
Ён дадае, што дзяржаўны ціск цяпер аказваецца не толькі на вытворцаў адзення. Падобная сітуацыя і з арганізатарамі культурных мерапрыемстваў, асабліва тых, што звязаныя з беларускім фальклорам і традыцыямі.
— Безумоўна, ёсць вялікі ціск на фестывальны рух. Маюцца на ўвазе менавіта фестывалі беларускаарыентаваныя, звязаныя з фальклорам, народнымі матывамі. У «Дудутках»адмянілі «Свята Сонца», таксама арганізатары фестывалю Wostrau ў Нясвіжы паведамілі, што не будуць яго праводзіць. Не адбылося Купалле ў «Дукорскім маёнтку» пад Мінскам. Да гэтага яшчэ ў красавіку адмянілі таксама свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», — пералічвае суразмоўца.
Крыніца «Люстэрка» мяркуе, што цяперашняя хваля ціску — гэта мэтаскіраваная кампанія, якая можа быць вынікам барацьбы ўнутры чыноўніцкага асяроддзя паміж умоўнымі «беларускім» і «рускім» лобі.
— Ёсць чыноўнікі і ідэолагі, якія ўсё ж прытрымліваюцца думкі, што трэба арыентаваць дзяржаўнасць на нейкія менавіта беларускія традыцыі. А ёсць, безумоўна, рускае лобі, якое гасіць усё, што выклікае нейкае пачуццё нацыянальнай годнасці, — адзначае суразмоўца.
Чытайце таксама






